АДКАЗНАЯ ПАРА СУПОЛКІ
Na podstawie oryginału francuskiego: «Le foyer, responsable d’Equipe»
Шаноўныя сябры!
Вашая суполка абрала вас сваёй «адказнаю параю», гэта значыць, даверыла вам клопат пра функцыянаванне суполкі і кіраванне ёю на шляху да Пана.
Вы прынялі гэтую адказнасць з усведамленнем сваёй слабасці, але поўныя даверу да Пана, які гаворыць вам тое, што казаў святому Пятру: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9). Таму вы павінны прысвяціць сябе Пану, аддаць Яму сваю волю, каб Ён мог дзейнічаць праз вас.
Аднак усё, што вы робіце, трэба рабіць у чалавечай перспектыве, каб вашая суполка была прыкладам братэрскай любові, каб яна развівалася ў напрамку, прапанаваным Суполкамі Маці Божай.
Безумоўна, вы задаяце сабе шмат пытанняў пра свае новыя абавязкі. Гэты дакумент быў распрацаваны для таго, каб дапамагчы вам адказаць на іх. У ім вы знойдзеце наступнае:
Частка І. Суполкі Маці Божай
Крыху гісторыі.
Што такое суполка Маці Божай?
Рух Суполак Маці Божай сёння: у Касцёле і ў свеце.
Частка ІІ. Адказная пара суполкі
Што такое адказная пара суполкі?
Абавязкі адказнай пары суполкі.
Як яна дзейнічае?
Частка ІІІ. Жыццё суполкі
Шлях суполкі Маці Божай.
Сустрэча суполкі.
Выбар адказнай пары і духоўнага дарадчыка.
Фармацыя адказнай пары.
Заданні адказнай пары.
Прачытайце гэты дакумент вельмі ўважліва і як мага хутчэй; звярніце асаблівую ўвагу на другую частку. Прызвычайцеся звяртацца да гэтага тэксту заўсёды, калі ўзнікне якое-небудзь пытанне ці сумненне. Аднак не ўспрымайце яго занадта літаральна. Суполка з’яўляецца жывым арганізмам, кожная з іх павінна мець сваю адметнасць. Вашая задача заключаецца ў тым, каб дапамагчы суполцы сцвердзіць сваю адметнасць, а пасля развіваць яе. Аднак даверцеся досведу тысячаў суполак з усяго свету, якія ўжо на працягу пяцідзесяці гадоў імкнуцца жыць паводле прынцыпаў, якія мы прапануем у гэтым дакуменце. Такім чынам вы пазбегнеце шмат цяжкасцяў.
Памятайце, што вы заўсёды маеце сувязную пару і адказную пару сектара, якія дапамогуць вам зразумець і прымяніць прынцыпы, што дзейнічаюць у руху Суполак Маці Божай.
Мы просім Бога, каб Ён спаслаў на вас свайго Духа і вы былі такой адказнаю параю, якая неабходна вашай суполцы.