КАНАНІЧНЫ СТАТУТ СУПОЛАК МАЦІ БОЖАЙ
Прэамбула
Каля вытокаў Суполак Маці Божай была група з чатырох сужэнскіх параў, якія імкнуліся сваім сужэнскім жыццём ва ўсёй паўнаце адказаць на пакліканне, што вынікае з іх хросту. Сем’ям аказваў дапамогу святар Анры Кафарэль, які выдатна адчуваў вялікае духоўнае багацце сакрамэнту сужэнства. Першая сустрэча суполкі адбылася 25 лютага 1939 года ў Парыжы. Дэкларацыя Суполак Маці Божай была прынята 8 снежня 1947 года па ініцыятыве ксяндза Анры Кафарэля і тагачасных адказных асобаў. Яна стала ўстаноўчым актам руху, сябры якога апякункаю абралі Маці Божую.
Галоўная мэта дадзенай прэамбулы — вярнуць Статуту першапачатковую ідэю, якой кіраваліся заснавальнікі руху, каб такім чынам дазволіць Суполкам Маці Божай смела і з даверам ісці ў будучыню, захоўваючы вернасць фундаментальнай харызме руху. Як акрэслівае першы пункт Дэкларацыі Суполак Маці Божай і як нагадаў ксёндз Анры Кафарэль на Вялікдзень 1988 года ў зборы ўстаноўчых дакументаў руху, Суполкі Маці Божай з самага пачатку імкнуліся быць «рухам з акрэсленаю духоўнасцю, а не звычайнаю сяброўскаю групаю хрысціянскіх сужэнстваў, якія жадаюць пазбегнуць ізаляцыі, не рухам сем’яў ці рухам каталіцкай акцыі». І з самага пачатку ён аб’ядноўвае не асобных людзей, а сужэнскія пары, якія прынялі рашэнне ісці да святасці ў сужэнстве і праз сужэнства. Галоўным вынікам першых сустрэчаў з’яўляецца тое, што пазней атрымала назву «сужэнскай духоўнасці», а менавіта пакліканне параў, з’яднаных сакрамэнтам сужэнства, ісці да святасці, не паза сужэнствам, а ў сужэнстве і праз сужэнства. Пяцьдзесят гадоў таму цяжка было зразумець такі падыход да сакрамэнту сужэнства. І яшчэ сёння гэта некранутая глеба для асваення. Праз жывы кантакт з маладымі сужэнствамі ксёндз Кафарэль адкрывае сэнс той «вялікай таямніцы», пра якую гаворыць святы Павел (Эф 5, 32). Для параў, з’яднаных сакрамэнтам сужэнства, не мае сэнсу пошук іншага шляху да святасці акрамя ўзаемнай любові, асвечанай і перамененай Божаю любоўю. Ксёндз Кафарэль наконт гэтага любіў паўтараць: «Сужэнства — гэта ахвяраванне сабою для таго, каб станавіцца супольным дарам». У гэтых першых суполках інтуітыўна нарадзілася адчуванне падабенства паміж дзвюма праявамі любові — любові паміж чалавекам і Хрыстом і любові паміж сужэнцамі. Абедзьве формы любові развіваюцца падобным чынам: пасля радасці сустрэчы ў пэўны момант настае адчуванне цемры і ўяўнага недахопу прысутнасці каханай асобы. Галоўнае ў такі момант захаваць веру і вернасць. Менавіта тады, у 1945 годзе, у Залатым Пярсцёнку (L’Anneau d’or), г. зн. у выпусках «Сужэнскай і сямейнай духоўнасці», якія выдаваў ксёндз Кафарэль, з’явіўся артыкул пад назваю «Забыты абавязак», які атрымаў шырокі водгук і ў якім, услед за святым Лукою, рэкамендавалася пратыкаваць абавязак «Прысядзем разам!» (абавязак шчырай сужэнскай размовы) згодна з прынцыпам: «Абрушацца скляпенні, якія не ахоўваюцца, а пасля і ўвесь дом». Сужэнцы, якія не здолеюць засяродзіцца і задумацца падчас разважання, трапляюць
у руціну... На іх сужэнскай еднасці з’яўляецца расколіна. Ведаючы свае слабасці і абмежаванасць, штодзень пераконваючыся ў тым, наколькі вузкаю з’яўляецца брама, і наколькі цяжкім —захаванне сужэнскай вернасці, усё большая колькасць сужэнскіх параў вырашае стварыць суполку ў межах Руху з замкнутай і ў той жа час гнуткай структурай.
Багаты, больш чым пяцідзесяцігадовы досвед Суполак Маці Божай пераконвае, што цяпер рух, як ніколі раней, адказвае на патрэбы сужэнстваў і Касцёла. Рух, які сёння існуе больш чым у шасцідзесяці краінах свету, жадае быць носьбітам хрысціянскага сведчання ў свеце. Паводле канона 299, § 3 Кодэкса Кананічнага Права, зацверджанага 25 студзеня 1983 года, Міжнародная адказная суполка руху ў коле адказных параў суперрэгіёнаў і шматлікіх рэгіёнаў зацвердзіла канчатковы змест Статута.
Статут быў зацверджаны ad experimentum тэрмінам на пяць гадоў 26 сакавіка 1992 года падчас аўдыенцыі, якую Святы Айцец Папа Ян Павел ІІ ўдзяліў Яго Эмінэнцыі кардыналу Эдуардо Піроніо, старшыні Папскай Рады па справах свецкіх. Дэкрэт, які прызнаў Суполкі Маці Божай аб’яднаннем вернікаў на аснове ўласнага права, паводле нормаў, акрэсленых у канонах 298–311 і 321–329 Кодэкса Кананічнага Права, быў абвешчаны 19 красавіка 1992 года на свята Уваскрасення Пана.
Мэты Статута:
• клапаціцца пра еднасць руху і яго ўзрастанне, захоўваючы вернасць яго першапачатковым ідэям і дапускаючы неабходную адаптацыю да новых патрэбаў, якія могуць з’явіцца ў новы час і ў новым месцы;
• забяспечыць у Касцёле ўкараненне першапачатковых ідэй заснавальнікаў руху Суполак Маці Божай і такім чынам атрымаць прызнанне яго спецыфікі;
• быць пунктам суаднясення для сяброў руху і яго адказных, а таксама своеасаблівай гарантыяй для касцёльных уладаў;
• вызначаць інстытуцыйныя адносіны паміж Суполкамі Маці Божай і Апостальскай Сталіцай.
Артыкул 1. Назва і азначэнні
Афіцыйная назва руху — Equipes Notre(Dame (Суполкі Маці Божай), у скарачэнні — END. Гэтая назва з’яўляецца агульнаю для ўсяго руху, аднак не выключаецца магчымасць яе афіцыйнага перакладу на іншыя мовы. У такім выпадку пераклад назвы суправаджаецца падзагалоўкам «Рух сужэнскай духоўнасці». Назва Equipes Notre(Dame можа быць перакладзена з дазволу
Міжнароднай адказнай суполкі (ERI) на мовы тых краінаў, дзе рух дзейнічае.
Суполкі Маці Божай як рух свецкіх асобаў з’яўляецца «прыватным міжнародным аб’яднаннем вернікаў», «якім кіруюць вернікі» згодна з Кодэксам Кананічнага Права, абвешчаным 25 студзеня 1983 года, і гэтым Статутам. У Касцёле гэты рух з’яўляецца духоўнай супольнасцю паўсюднага характару.
Артыкул 2. Сядзіба
Сядзіба руху знаходзіцца ў Парыжы: 49, rue de la Glacie`re, 75013 Paris, France. Рашэннем Міжнароднай адказнай суполкі яна можа быць перанесена ў іншае месца.
Артыкул 3. Мэта і сутнасць
Мэтаю Суполак Маці Божай з’яўляецца дапамога сужэнствам у адкрыцці і рэалізацыі ўсіх вымярэнняў сакрамэнту сужэнства з захаваннем вернасці вучэнню Касцёла. Суполкі Маці Божай як «рух духоўнай фармацыі і аднаўлення дапамагае сваім сябрам развіваць любоў да Бога і бліжняга; заклікае да братэрскай узаемадапамогі, каб яго сябры маглі — асобна і разам з сужэнцамі — прымаць рэаліі сужэнскага, сямейнага, прафесійнага і грамадскага жыцця згодна з Божаю воляю; абуджаюць у сужэнствах усведамленне іх евангелізацыйнай місіі ў Касцёле і ў свеце праз сведчанне сужэнскай любові і іншую дзейнасць у залежнасці ад іх выбару».
Артыкул 4. Сябры суполак
Сябрамі Суполак Маці Божай з’яўляюцца хрысціянскія сужэнствы, з’яднаныя сакрамэнтам сужэнства і згодныя рэалізоўваць у жыцці мэты і метады руху, акрэсленыя ў апошнім выданні Дэкларацыі (май 1972 г.), у асноўных дакументах, якія яе актуалізуюць, а таксама ў гэтым Статуце.
«Даведнік Суполак Маці Божай», выдадзены Міжнароднаю адказнаю суполкаю ў маі 2001 года з дазволу Міжнароднай калегіі, абапіраецца на вышэйзгаданыя дакументы і на гэты Статут. У сваіх палажэннях ён удакладняе ва ўнутраным рэгламенце ўмовы функцыянавання руху і яго сяброў, з’яўляецца пунктам суаднясення пры вызначэнні асаблівасцяў функцыянавання руху і можа быць зменены толькі Міжнароднаю адказнаю суполкаю па дамоўленасці з Міжнароднаю калегіяй. Кожнае сужэнства, якое выконвае ўмовы, акрэсленыя ў першым абзацы артыкула 4, можа далучыцца да Суполак Маці Божай. Пасля перыяду азнаямлення з дзейнасцю суполкі, які працягваецца не менш за год, з дапамогаю пары, што суправаджае новае сужэнства і паказвае яму розныя аспекты жыцця суполкі, новая пара ўключаецца ў жыццё руху альбо вырашае пакінуць яго. Кожны сябар руху можа выйсці з яго ў любы момант. Па ўважлівых прычынах адказныя пары мясцовага ўзроўню могуць прыняць рашэнне пра выключэнне аднаго альбо некалькіх сужэнстваў руху, з захаваннем магчымасці звароту да Міжнароднай адказнай суполкі.
Артыкул 5. Жыццё суполкі і ўзаемадапамога
Суполка – гэта сапраўдная касцёльная супольнасць, якая ўяўляе сабой асноўную ячэйку руху. Спецыфічным пакліканнем Суполак Маці Божай як руху, што дзейнічае ў асяроддзі Касцёла, з’яўляецца стварэнне і актывізацыя невялікіх супольнасцяў, якія складаюцца з сужэнскіх параў і жадаюць ва ўсёй паўнаце рэалізаваць сваё сужэнскае і сямейнае пакліканне.
Пасля перыяду знаёмства і пасвячэння суполка ўключаецца ў структуры руху альбо вырашае яго пакінуць. Складаючыся з пяці_сямі сужэнскіх параў, суполка штогод выбірае са свайго асяроддзя адказную пару; ёй дапамагае святар —духоўны дарадчык, прысутнасць якога ў суполцы выражае яе сувязь са святарствам і супольнасцю Касцёла. Важным момантам жыцця суполкі з’яўляюцца штомесячныя сустрэчы. У іх падрыхтоўцы прымае ўдзел кожны сябар. Кожная сустрэча складаецца з наступных этапаў: сціплы пасілак, супольная малітва, абмен асабістым досведам і клопатамі, а таксама разва_
жаннямі па вызначанай тэматыцы, звязанай з асноўнымі мэтамі і самасвядомасцю руху, аповед пра дасягненні і няўдачы ў рэалізацыі канкрэтных заданняў. Сябры Суполак Маці Божай бяруць на сябе абавязак выконваць —паасобку і разам з сужэнцам — «канкрэтныя заданні»: захоўваць правілы жыцця, штомесяц весці шчыры сужэнскі дыялог, мэтаю якога з’яўляецца супольны пошук Божай волі (абавязак «Прысядзем разам!»), слухаць Божае слова, штодзённа прысвячаць час на асабістае малітоўнае разважанне, супольную сужэнскую і сямейную малітву, штогод
удзельнічаць у рэкалекцыях. Для дасягнення гэтых мэтаў сябры суполкі дапамагаюць адно аднаму і далучаюцца да дзейнасці і жыцця руху.
Артыкул 6. Узроўні адказнасці і актывізацыі руху
1. Служэнне на карысць братэрскай супольнасці, для рэалізацыі задачаў руху, ажыццяўляецца на некалькіх узроўнях адказнасці і актывізацыі:
• сувязная пара адказная за сувязь паміж некалькімі суполкамі;
• пара, адказная за сектар, абавязана актывізаваць групу з пяці –дваццаці суполак пры дапамозе суполкі секатра, якая складаецца з некалькіх сужэнстваў, і святара — духоўнага дарадчыка сектара;
• пара, адказная за рэгіён, абавязана актывізаваць вялікую колькасць сектараў;
• пара, адказная за суперрэгіён, абавязана актывізаваць некалькі рэгіёнаў;
• вылучаюцца групы, якія каардынуюць працу на ўзроўні краіны ці некалькіх рэгіёнаў (у выпадку неабходнасці);
• выбіраецца пара, адказная за правінцыю (у выпадку неабходнасці).
Усе гэтыя абавязкі, у тым ліку служэнне сужэнстваў Суполак Маці Божай у сакратарыяце (пераклад і інш.) выконваюцца дабравольна, без матэрыяльнай узнагароды. Пары, адказныя за сектар, рэгіён, суперрэгіён, ці групы, якія каардынуюць працу некалькіх рэгіёнаў, утвараюць калегіяльную суполку, якая дапамагае кожнай з іх у выкананні абавязкаў у духу еднасці і даверу. Кожная з адказных параў дае справаздачу аб сваім служэнні перад вышэйшымі інстанцыямі руху.
2. Міжнародная адказная суполка (ERI) нясе калегіяльную адказнасць за рух разам з адказнымі парамі суперрэгіёнаў. Міжнародная адказная суполка складаецца з пяці або шасці сужэнскіх параў, якім дапамагае святар — духоўны дарадчык. Гэтыя пары выбіраюцца сябрамі Міжнароднай адказнай суполкі пасля правядзення папярэдніх нарадаў на розных узроўнях адказнасці, асабліва з парамі, адказнымі за суперрэгіёны. Пры выбары сяброў Міжнародная адказная суполка, наколькі гэта магчыма, павінна ўзяць пад увагу міжнародны характар руху. Сябры Міжнароднай адказнай суполкі прызначаюцца на тэрмін да шасці гадоў. Міжнародная адказная суполка выбірае са свайго асяроддзя адказную пару, да абавязкаў якой адносіцца актывізацыя суполкі і каардынацыя яе дзейнасці. Адказная пара кіруе рухам і рэгулярна здае сябрам Міжнароднай адказнай суполкі справаздачу аб выка_
нанні сваёй місіі. Яна прызначаецца на тэрмін да шасці гадоў і афіцыйна прадстаўляе рух у свеце. Перад прызначэннем адказнай пары Міжнародная адказная суполка павінна звярнуцца да Папскай Рады па справах свецкіх і выявіць, ці не мае яна сур’ёзных пярэчанняў адносна зробленага выбару.
Міжнародная адказная суполка можа абапірацца на меркаванні экспертаў, духоўных або свецкіх асобаў, якія ўваходзяць у склад Рады.
У распараджэнні Міжнароднай адказнай суполкі застаецца Міжнародны сакратарыят, за дзейнасць якога адказвае сужэнская пара галоўных сакратароў. Яна мае права ўдзельнічаць у сходах Міжнароднай адказнай суполкі і адказвае за адміністрацыйныя справы і функцыянаванне гэтай суполкі. Добры арганізацыйны кантакт у руху забяспечваецца падзелам на зоны: суперрэгіёны, рэгіёны і сектары, непасрэдна звязаныя з Міжнароднаю адказнаю суполкаю, а таксама краіны, у якіх яшчэ няма Суполак Маці Божай. Адказнасць за зоны даверана сябрам Міжнароднай адказнай суполкі. Яна можа прызначыць спецыялізаваныя дапаможныя суполкі, якія будуць дапамагаць у выкананні яе місіі. Міжнародная адказная суполка павінна дбаць пра іх міжнародны характар і самастойна акрэсліваць час служэння іх сяброў. Нацыянальныя сакратарыяты, створаныя ў выпадку неабходнасці са згоды Міжнароднай адказнай суполкі, павінны знаходзіцца пад наглядам адказных параў на мясцовым узроўні. Яны абавязаны супрацоўнічаць з Міжнародным сакратарыятам.
3. Поўную адказнасць за выкананне заданняў на кожным узроўні нясуць сужэнскія пары, сябры Суполак Маці Божай, у вызначаны перыяд ад пяці да шасці гадоў. Сужэнскія пары, згаданыя ў першым абзацы дадзенага артыкула, выбіраюцца паводле правілаў, вызначаных у кожным суперрэгіёне ў духу еднасці і служэння. Яны прызначаюцца адказнымі парамі вышэйшага ўзроўню пасля папярэдняй нарады з парамі, якія складаюць паўнамоцтвы, або з рознымі кампетэнтнымі асобамі. У выпадку ўзнікнення вакансіі на месца адказнай пары яе абавязкі бярэ на сябе адказная пара вышэйшага ўзроўню. Яна можа перадаць гэтую місію кожнаму выбранаму сужэнству пасля папярэдняга ўзгаднення са сваёй суполкаю. Кожная адказная пара, пачынаючы з адказных за сектар, прадстаўляе рух у сваім геаграфічным рэгіёне. Гэтая рэпрэзентацыя датычыць толькі той сферы адказнасці, якая акрэслена ў артыкуле 3. Адказная пара рэгулярна дае справаздачу свайму кіраўніку пра прынятыя ініцыятывы і рашэнні, у тым ліку і пра сваю арганізацыйную працу.
Распрацаваныя на ўсіх узроўнях адказнасці дакументы, якія датычаць педагогікі руху, правілаў функцыянавання, або тыя, што перададзены ў распараджэнне сужэнстваў з мэтаю азнаямлення з імі ці іх распаўсюджвання, павінны быць дасланыя Міжнароднай адказнай суполцы. Клапоцячыся пра дабро руху, кожны суперрэгіён, а таксама Міжнародная адказная суполка вызначаюць абставіны магчымага вызвалення адказнай пары ад яе служэння ў руху па асабліва важных прычынах (развод, публічны альбо прыватны скандал).
Артыкул 7. Святары — духоўныя дарадчыкі
Святары ўносяць у жыццё суполак бясцэнную ласку сакрамэнту святарства. Яны не выконваюць кіраўнічай функцыі. Таму іх называюць духоўнымі дарадчыкамі. Святар, духоўны дарадчык, выбіраецца сябрамі суполкі сярод святароў, якія законна нясуць святарскае служэнне згодна з канонам 324, § 2 Кодэкса Кананічнага Права. Святар-дарадчык сектара або іншай суполкі, якая выконвае пэўнае служэнне, выбіраецца сярод духоўных дарадчыкаў суполак адказнаю параю гэтай суполкі па ўзгадненні з адказнаю параю, якой падпарадкоўваецца гэтая суполка. У выпадку неабходнасці святар можа звярнуцца да свайго кіраўніцтва, каб атрымаць дазвол на выкананне гэтай функцыі. Яго служэнне працягваецца ад трох да пяці гадоў.
Святар-дарадчык Міжнароднай адказнай суполкі выбіраецца сябрамі адказнай суполкі; яго прызначэнне зацвярджаецца Апостальскай Сталіцай. Служэнне святара ў суполцы працягваецца да шасці гадоў.
Артыкул 8. Кіраванне маёмасцю
Фонд руху складаецца са штогадовых грашовых унёскаў яго сяброў, а таксама з падарункаў, датацый і магчымых завяшчанняў. Гэтая маёмасць прызначана для пакрыцця выдаткаў, звязаных з функцыянаваннем, актывізацыяй руху і яго развіццём. Рух можа набываць нерухомасць праз акт пакупкі, даравання або па завяшчанні пры ўмове, што гэтая маёмасць будзе выкарыстана для рэалізацыі мэтаў руху. Кожны, хто карыстаецца фінансавымі сродкамі руху, абавязаны даць справаздачу пра выкарыстанне атрыманых сродкаў. Штогод Міжнародная адказная суполка вызначае фінансавую палітыку руху, у прыватнасці, акрэслівае памер міжнароднага фінансавага ўнёску суперрэгіёнаў або рэгіёнаў і сочыць за яго зборам. У краінах, дзе дзейнічаюць Суполкі Маці Божай, дапускаецца магчымасць утварэння грамадзянскіх, нацыянальных або рэгіянальных аб’яднанняў, якія маюць правамоц. Як іх утварэнне, так і складанне іх статутаў патрабуе дазволу Міжнароднай адказнай суполкі. Гэтыя аб’яднанні могуць кіраваць і распараджацца маёмасцю, якая належыць Суполкам Маці Божай, штогод даючы аб гэтым справаздачу адказным руху на дадзенай тэрыторыі. Дзеля празрыстасці дзеянняў і ўзаемнага даверу бухгалтарскія дакументы грамадскіх аб’яднанняў, утвораных рэгіёнамі і суперрэгіёнамі, а таксама тых аб’яднанняў, у якіх яны ўдзельнічаюць, штогод дасылаюцца адказным таго ўзроўню актывізацыі, якому яны падпарадкоўваюцца. Гэта ж датычыць Міжнароднай адказнай суполкі, якая перадае ў калегію бухгалтарскія дакументы ўсіх аб’яднанняў, сябрам якіх яна з’яўляецца. У выпадку ліквідацыі якога-небудзь з гэтых аб’яднанняў пераразмеркаванне сродкаў будзе праведзена паводле законаў, дзейных на дадзенай тэрыторыі. Аднак Міжнароднае аб’яднанне павінна дбаць пра тое, каб гэтыя сродкі былі выкарыстаныя на карысць сяброў руху або інстытутаў, якія клапоцяцца пра сужэнствы і сем’і ў краінах, што ўваходзяць у сферу зацікаўленасці дадзеных аб’яднанняў. У выпадку ліквідацыі Міжнароднага аб’яднання Суполак Маці
Божай правы на валоданне яго маёмасцю паводле канона 310 Кодэкса Кананічнага Права будуць перададзены ў першую чаргу аб’яднанням, якія рэалізоўваюць падобныя мэты.
Артыкул 9. Змены ў Статуце
Усялякія змены ў дадзены Статут могуць быць унесеныя альбо па ініцыятыве Міжнароднай адказнай суполкі, або па прапанове дзвюх трэціх ад колькасці адказных параў у суперрэгіёне. Змены прымаюцца Міжнароднай адказнай суполкаю пасля нарады з суперрэгіёнамі пры дапамозе той жа працэдуры, якая прымянялася пры распрацоўцы дадзенага Статута. Яны павінны быць зацверджаныя Апостальскай Сталіцай.
Артыкул 10. Заключныя пастановы
Міжнародная адказная суполка і пары, адказныя за суперрэгіёны, сочаць за тым, каб унутраныя і афіцыйныя дакументы руху адпавядалі дадзенаму Статуту.
Парыж, 10 сакавіка 2002 года