Карта ЭНД
КАРТА END
1947 — 1972
ДЭКЛАРАЦЫЯ СУПОЛАК МАЦІ БОЖАЙ
(Руху сужэнскай духоўнасці)
Мэта Суполак Маці Божай
Мы жывём у эпоху кантрастаў. З аднаго боку, у свеце трыумфуюць разводы, здрады, свабодныя саюзы, неамальтузіянства, з іншага — штораз часцей ствараюцца сужэнствы, якія імкнуцца да сапраўднага хрысціянскага жыцця. Некалькі такіх сужэнстваў заснавалі Суполкі Маці Божай:
• яны імкнуцца выконваць абяцанні, дадзеныя падчас хросту;
• хочуць жыць для Хрыста, з Хрыстом і праз Хрыста;
• аддаюцца Яму безумоўна;
• прагнуць служыць Яму безагаворачна;
• прызнаюць Яго Пастырам і Панам свайго сужэнства;
• яго Евангелле прымаюць за канстытуцыю сваёй сям’і;
• хочуць, каб іх любоў, асвечаная сакрамэнтам сужэнства, была:
- ушанаваннем Бога,
- выразным сведчаннем перад людзьмі таго, што Хрыстус захаваў іх любоў,
- выпраўленнем грахоў чалавецтва супраць сужэнства;
• яны прагнуць паўсюль быць місіянерамі Хрыста;
• адданыя Касцёлу, яны імкнуцца заўсёды адгукацца на просьбы свайго біскупа і сваіх святароў;
• імкнуцца быць кампетэнтнымі ў сваёй прафесійнай працы;
• кожным сваім учынкам хочуць супрацоўнічаць з воляю Бога і служыць іншым людзям.
Гэтыя сужэнствы, ведаючы свае слабасці і межы сваіх магчымасцяў, штодзень спазнаючы тое, як цяжка, нягледзячы на іх добрую волю, жыць па-хрысціянску ў паганскім свеце, і непахісна верачы ў моц братэрскай дапамогі, пастанавілі стварыць суполку.
Суполкі — гэта не дыскусійныя групы, а трывалыя арганізмы, якія складаюцца з людзей, што прагнуць служыць іншым.Ніхто не абавязаны ўступаць у іх або там заставацца.Аднак той, хто ў іх уступае, павінен з павагаю выконваць іх правілы.
Сэнс назвы
Слова «суполка», выбранае сярод многіх іншых, выражае імкненне да канктэтнай і супольнай мэты.
Суполкі аддаюцца пад апеку Маці Божай і гэтым самым падкрэсліваюць імкненне служыць Ёй і прызнаюць, што няма лепшага правадніка на шляху да Хрыста, чым Яго Маці.
Духоўнасць Суполак Маці Божай
Узаемная дапамога
1. Без жывой веры не можа быць хрысціянскага жыцця. Няма жывой і развітай веры без рэфлексіі (разважанняў). Звычайна большасць хрысціянскіх сужэнстваў не практыкуюць медытацыі і паглыблення ведаў, бо недаацэньваюць іх вартасць, не маюць на гэта часу, духоўнага правадніка, навыкаў. Таму іх вера застаецца беднаю і кволаю, Божая воля і вучэнне Касцёла вядома ім толькі ў агульных рысах, фрагментарна. Нямногія ведаюць пра тое, што неабходна імкнуцца да еднасці з Богам. Яны маюць цьмянае ўяўленне пра рэаліі сямейнага жыцця: сужэнства, любоў, бацькоўства, выхаванне і г. д. У выніку яны малаактыўныя ў рэлігійным жыцці і не адкрываюцца на іншага чалавека.
Сужэнствы Суполак Маці Божай імкнуцца пазбегнуць гэтага. І таму стараюцца паглыбляць свае рэлігійныя веды, прымаць вучэнне Хрыста, каб паводле яго фармаваць усё сваё жыццё. Над гэтым яны працуюць разам.
2. Суполкі імкнуцца не толькі пазнаваць Бога і Яго вучэнне, але і сустрэцца з Ім, таму да навучання і разважання неабходна далучыць малітву. У Суполках Маці Божай мы дапамагаем адно аднаму ў навучанні, разважаннях і малітве. Мы молімся разам, молімся адны за адных.
«Зноў жа, сапраўды, кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 19–20).
Памятаючы абяцанне Пана, сужэнствы Суполак Маці Божай стараюцца памятаць пра прысутнасць Хрыста сярод іх і з радасцю і даверам практыкуюць супольную малітву.
3. Ці будзе дапамога сябрам у духоўным жыцці сапраўднаю, калі яна не дапамагае перажываць клопаты і цяжкасці? Менавіта таму сужэнствы Суполак Маці Божай дапамагаюць адны адным — як маральна, так і матэрыяльна, — выконваючы параду св. Паўла: «Насіце цяжар адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы» (пар. Гал 6, 2).
Гэтыя сужэнствы стараюцца спраўляцца з чацвярным патрабаваннем братэрскай любові: даваць, прымаць (што значна цяжэй, чым даваць), прасіць (яшчэ цяжэй), умець адмаўляць (у просьбе можна адмовіць, асабліва тады, калі яе выкананне немагчымае).
Узаемная дапамога павінна забяспечыць ім пачуццё бяспекі, якое многія чакаюць ад грошай.
Сведчанне
Першыя хрысціяне, пра якіх гаворыцца ў Дзеях Апосталаў (пар. 4, 32): «Адзін дух і адно цела ажыўлялі ўсіх, хто верыў. Ніхто не называў сваім тое, чым валодаў, але ўсё мелі агульнае», — выклікалі здзіўленне ў паганаў: «Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго». А гэтае здзіўленне выклікала жаданне далучыцца да іх. Хіба ў ХХ стагоддзі братэрская любоў страціла сваю моц выпраменьвання і захаплення, тую моц, якую мела ў першыя стагоддзі жыцця Касцёла? Сужэнствы Суполак Маці Божай перакананыя, што сёння, як і ў той час, няверуючыя будуць здабытыя для Хрыста, калі ўбачаць сужэнствы, якія любяць і дапамагаюць адны адным у пошуках Бога і ў служэнні бліжнім. Такім чынам братэрская любоў, якая стаіць вышэй за ўзаемную дапамогу, становіцца сведчаннем.
Дысцыпліна ў Суполках Маці Божай
Для таго, каб духоўнасць Суполак Маці Божай была жывою і трывалаю, неабходна, каб іх сябры захоўвалі пэўныя правілы. Духоўнасць і правілы, як душа і цела, не могуць абысціся адно без аднаго; духоўнасць павінна быць душою правілаў; правілы — апораю і абаронаю духоўнасці.
Правілы павінны быць дастаткова лёгкімі, каб не абмяжоўваць асобы і місіі сужэнцаў; дастаткова суровымі, каб засцерагчы іх ад пасіўнасці.
Суполка
Суполка павінна налічваць ад 4 да 7 сужэнстваў. Непажадана перавышаць гэтую колькасць, інакш могуць узнікнуць складанасці ў жыцці яе сяброў і ўсталёўванні трывалых сувязяў. Адно з сужэнстваў становіцца адказным за суполку.
Штомесячныя сустрэчы суполкі
На сяброўства дрэнна ўплываюць доўгія расстанні. Яно патрабуе сустрэчаў. Таму сябры суполкі сустракаюцца прынамсі раз на месяц. Удзел у штомесячных сустрэчах абавязковы (ад выканання гэтага абавязку, як і іншых, можна быць вызваленым па ўважлівых прычынах)
Сустрэча адбываецца ў наступным парадку:
• Сумесны пасілак.
Рэкамендуецца распачынаць штомесячныя сустрэчы з сумеснага пасілку, кожны раз у доме іншай сям’і (наколькі гэта магчыма). Людзі пакуль што не прыдумалі нічога лепшага, чым пасілак, для паспяховай сустрэчы і пазнання адзін аднаго: ці не эўхарыстычны пасілак збірае дзяцей Божых? У Дзеях Апосталаў гаворыцца пра першых хрысціянаў, якія, «...ламаючы ў дамах хлеб, прымалі пасілак з радасцю і простасцю сэрца» (пар. Дз 2, 46).
• Дзяленне жыццёвымі клопатамі.
На штомесячных сустрэчах неабходна прызначыць час (можна падчас або пасля пасілку) на тое, каб сябры суполкі маглі падзяліцца сваімі сямейнымі, прафесійнымі, грамадскімі, касцёльнымі клопатамі, поспехамі і няўдачамі, адкрыццямі, радасцю і смуткам.
Безумоўна, ёсць інтымная і асабістая сфера, якой не трэба раскрываць нават перад сябрамі. У Суполках Маці Божай мы змагаемся з гэтым, занадта частым сёння, няўменнем захоўваць таямніцу ў некаторых сужэнствах, якія не саромяцца выяўляць свае сужэнскія праблемы. З такой перадумоваю дзяленне праблемамі і шчырая ўзаемная братэрская дапамога адпавядае сапраўднай евангельскай любові. Колькі ж сужэнстваў уратавана ад пасрэднасці і нават распаду дзякуючы таму, што яны не былі пакінутыя на адзіноце са сваімі праблемамі!
• Супольная малітва.
Супольная малітва — цудоўны спосаб глыбейшага пазнання адзін аднаго, дасягнення адзінства душаў, усведамлення прысутнасці Хрыста ў супольнасці. Аднак яна не здзейсніць усяго гэтага, калі — дастаткова доўгая — не дапаможа супакоіцца, забыцца пра клопаты. Малітве неабходна прысвяціць прынамсі 15 хвілін перад тым, як пачаць абмен думкамі.
Перад малітваю сужэнствы называюць свае інтэнцыі. Каб яны былі прынятыя ўсімі сябрамі суполкі, неабходна прадставіць іх дастаткова падрабязна і такім чынам, каб было зразумела, што яны блізкія сэрцу тых, хто іх называе.
Пасля называюцца і даручаюцца супольнай малітве актуальныя інтэнцыі вялікай каталіцкай сям’і (напрыклад, пераследаванні хрысціянаў, патрэбы місіі, апостальская дзейнасць, святарскія пакліканні і г. д.).
Каб супольная малітва ўзбагаціла сэрцы і мацней з’яднала суполку з жыццём Касцёла, у яе павінны ўключацца псальмы, малітвы і гімны з брэвіярыя і Імшала, якія прапанаваныя ў Лісце Суполак Маці Божай.
Далейшая частка малітвы кожнаму дае магчымасць уголас выказаць свае думкі і пачуцці, выкліканыя тэкстам Святога Пісання, які ўказаны ў Лісце Суполак Маці Божай. Неабходна запланаваць і хвіліну цішыні, каб кожнаму даць магчымасць атрымаць больш блізкі кантакт з Богам.
• Дзяленне духоўным дасведчаннем.
Пасля малітвы неабходна прысвяціць некаторы час на тое, каб сябры суполкі расказалі пра сваю рэалізацыю заданняў, акрэсленых у Дэкларацыі. Кожнае сужэнства шчыра расказвае, ці выканала яно з часу апошняй сустрэчы заданні, ускладзеныя на яго Дэкларацыяй.
• Абмен думкамі.
Размовы, якія не адбываюцца ў прысутнасці Бога, могуць лёгка стаць павярхоўнымі: пачуцці кіруюць розумам, сэрцы адпрэчваюць праўду, якая патрабуе пераменаў. У Суполках Маці Божай сужэнствы імкнуцца да абсалютнай шчырасці; кожная праўда, глыбей пазнаная, павінна ўпісвацца ў жыццё.
Абмен думкамі толькі тады будзе плённым, калі ён падрыхтаваны загадзя. Таму сужэнцы павінны разам прадумаць тэму для абмеркавання і за некалькі дзён да сустрэчы прадставіць свае разважанні ў пісьмовай форме сужэнству, якое адказвае за правядзенне абмену думкамі. Гэты абавязак штомесячнай супольнай рэфлексіі можа прынесці вялікі плён.
Узаемная дапамога ў разважаннях заключаецца ў тым, каб да абмену думкамі рыхтаваліся ўсе; у гэтай сферы дапамога яшчэ больш неабходная, чым у сферы матэрыяльнай, дзе кожны мае цяжкасці з прыняццем дапамогі, калі сам не можа даць нічога іншым.
Тэмы для абмену думкамі суполка не можа выбіраць па сваім жаданні. Іх прапаноўвае адказная суполка. Такі парадак устаноўлены не для самавольнага злоўжывання ўладаю, а для таго, каб дапамагчы сужэнствам сфармаваць найбольш шырокі стыль хрысціянскага мыслення і сапраўдную сужэнскую і сямейную духоўнасць.
Першыя тры гады існавання суполкі прысвячаюцца абмеркаванню асноўных тэмаў, якія датычацца любові, сужэнства, сужэнскай духоўнасці.
Пасля гэтых трох гадоў суполкі могуць выбіраць з вялікай серыі тэмаў, да якіх, як і раней, далучаецца план працы, пытанні і рэкамендацыі.
Відавочна, суполкі могуць арганізоўваць дадатковыя сустрэчы для новага абмену думкамі альбо для паглыблення сяброўства.
Абавязкі кожнага сужэнства
Сужэнствы ўступаюць у Суполкі Маці Божай у пошуках дапамогі. Аднак яны не вызваляюцца ад уласных намаганняў. Таму, каб скіраваць іх на правільны шлях і падтрымаць, Суполкі Маці Божай патрабуюць ад іх наступнага:
а) распрацоўкі асабістых правілаў жыцця (разнароднасць сужэнстваў не дае магчымасці прапанаваць нолькавыя правілы для ўсіх). Без правілаў жыцця адвольнасць вельмі часта кіруе рэлігійным жыццём сужэнцаў і робіць яго хаатычным. Гэтыя правілы жыцця (кожнае сужэнства распрацоўвае свой уласны) акрэсліваюць намаганні, якія прыкладае кожнае сужэнства, каб лепей выконваць Божую волю.
Тут маецца на ўвазе не павелічэнне абавязкаў, а іх удакладненне, што дапаможа сужэнствам узмацніць сваю волю і пазбегнуць адступніцтва і здрады. Парады і дапамога святара неабходныя для таго, каб засцерагчыся ад празмернай нагрузкі і не пайсці шляхам найменшага супраціўлення. Сужэнства не абавязана прадстаўляць перад суполкаю ні прынятыя ім правілы жыцця, ні метады іх выканання. Аднак заўважна, што некаторыя дапамагаюць адны адным нават у гэтай сферы;
б) штодзённай супольнай малітвы разам з дзецьмі (па меры магчымасці), таму што сям’я павінна аддаваць пашану Богу, а супольная малітва мае вялікую моц;
в) штодзённага чытання малітвы Суполак Маці Божай у еднасці з усімі сужэнствамі гэтага руху;
г) практыкавання штомесячнага абавязку «сужэнскай размовы» («Прысядзем разам!»). Для кожнага сужэнства гэта добрая магчымасць падвесці вынікі дасягнутага этапу развіцця;
д) разважання ў сужэнстве над тэмаю, узнятаю суполкаю ў бягучым месяцы, перасылкі сваіх меркаванняў адказнай пары ў пісьмовым выглядзе перад сустрэчаю, а таксама ўдзелу ў сустрэчы;
е) чытання рэдакцыйнага артыкула Ліста Суполак Маці Божай;
і) штогадовага ўдзелу ў закрытых рэкалекцыях (мінімум 48 гадзін), па магчымасці муж і жонка павінны прымаць удзел разам. Перад уступленнем у суполку дастаткова толькі адных рэкалекцый;
к) штогадовага ахвяравання — у форме дару — плёну аднаго дня іх працы, каб забяспечыць матэрыяльнае існаванне і развіццё руху, якому ў пэўнай ступені яны абавязаны сваім духоўным узбагачэннем;
л) наведвання, прыняцця і частавання з братэрскім сэрцам сужэнстваў іншых суполак, калі для гэтага з’явіцца нагода.
(З мая 1970 г. ад кожнага сябра Суполак Маці Божай патрабуецца таксама наступнае:
• штодзень дзесяць хвілін прысвячаць на маліву;
• рэгулярна чытаць Святое Пісанне;
• адкрываць сэнс хрысціянскай аскезы, а таксама прыкладаць намаганні для таго, каб увесці яе ў жыццё хрысціянскага сужэнства.)
Структура Суполак Маці Божай
Адказная пара суполкі
Яе ролю і яе значэнне вызначае наступная кароткая формула: яна адказвае за братэрскую любоў. Ёй трэба рабіць усё для таго, каб суполка была супольнасцю евангельскай любові і каб кожнае сужэнства знайшло ў ёй неабходную дапамогу. Рыхтуючыся да штомесячных сустрэчаў, яна павінна супрацоўнічаць з духоўным дарадчыкам суполкі. Адказная пара забяспечвае сувязь з цэнтрам, а праз яе — з усім рухам Суполак Маці Божай. Кожны месяц яна дасылае сувязной пары справаздачу аб дзейнасці сваёй суполкі. Гэтыя справаздачы спрыяюць таму, каб праз Ліст Суполак Маці Божай кожная суполка выкарыстоўвала досвед іншых. Акрамя таго, яны дазваляюць пазнаць ступень унутранага развіцця дадзенай суполкі, у выніку чаго адказная суполка можа прымаць адпаведныя рашэнні. Кожная суполка, якая не жадае альбо не можа выконваць патрабаванняў руху, выключаецца з яго.
Як правіла, групы пакрысе перастаюць функцыянаваць, калі перагрувашчваюцца пасіўнымі сябрамі, якія ў свой час не былі выключаныя.
Калі адказная пара вымушана выключыць адно з сужэнстваў, якое не выконвае заданняў Суполак Маці Божай, яна павінна растлумачыць гэтым сужэнцам, што, хоць супольнае дабро і вымагае іх выключэння, прывязанасць сяброў суполкі да іх застаецца нязменнай. Адказная пара павінна дбаць пра тое, каб сяброўскія сувязі і кантакты засталіся такімі ж блізкімі, як і раней.
Адказная пара выбіраецца сужэнствамі падчас заснавання суполкі, а затым — напрыканцы фармацыйнага года. Сужэнства, якое выконвала абавязкі адказнай пары ў мінулым годзе, можа быць выбрана і на наступны тэрмін. Адказная суполка мае права «вета» (забароны) адносна гэтага выбару.
Адказнае сужэнства не можа добра справіцца са сваёю місіяй без малітоўнай падтрымкі. Таму сужэнцы абавязаны (за выключэннем уважлівых прычынаў) раз у тыдзень удзельнічаць у святой Імшы і штодзённа 10 хвілін прысвячаць малітве.
Роля святара ў суполцы
Кожная суполка павінна быць забяспечана пастаяннаю дапамогаю святара. Ніякія, нават найлепш апрацаваныя планы дзейнасці не заменяць яго дактрынальнага і духоўнага ўнёску. Менавіта ён не толькі акрэслівае прынцыпы дзейнасці, але таксама дапамагае сужэнствам захоўваць іх у штодзённым жыцці. Гэтае супрацоўніцтва прыносіць плён. Святары і сужэнствы вучацца разумець адно аднаго, шанаваць і падтрымліваць: сужэнствы прымаюць ад святара важныя апостальскія інтэнцыі; святар згадвае падчас святой Імшы гэтыя сужэнствы, намаганні, барацьба і жаданні якіх яму добра вядомыя.
Пакліканне новай суполкі
Пакліканне новай суполкі — справа далікатная. Занадта паспешнае распачынанне дзейнасці без дакладнага вызначэння мэтаў і сродкаў, як правіла, прыводзіць да паражэння. Таму неабходны як мінімум тры сустрэчы — для чытання і каментавання Дэкларацыі з дапамогаю пары, якая кіруе новаю суполкаю.
Пасля таго, як міне прыблізна адзін год, сужэнствы новай супольнасці запрашаюцца да ўступлення ў рух. Затым у прысутнасці пары, якая прадстаўляе адказную суполку, яны абяцаюць захоўваць дух і патрабаванні Дэкларацыі Суполак Маці Божай.
Прыняцце новага сужэнства ў суполку
Новапрынятае сужэнства павінна пазнаёміцца з Дэкларацыяй. З дапамогаю адказнай пары або аднаго з сужэнстваў суполкі яно вывучае Дэкларацыю, а затым стараецца паступова выконваць акрэсленыя ў ёй абавязкі. Пасля гадавога выпрабавальнага тэрміну яно прымаецца ў суполку пры той нагодзе, калі іншыя сужэнствы аднаўляюць свае абяцанні.
Якім чынам новаму сужэнству можна перадаць фармацыю, атрыманую сужэнствамі суполкі падчас абмеркавання асноўных тэмаў? Адказная пара павінна дапамагчы яму пазнаёміцца з асноўнымі тэмамі, дапускаючы магчымасць часовага вызвалення яго ад разважанняў на чарговыя тэмы, узнятыя ў суполцы.
Ліст Суполак Маці Божай
Паміж адказнаю суполкаю і суполкамі, якія ёй падпарадкоўваюцца, незалежна ад іх геаграфічнай аддаленасці, павінен быць усталяваны цесны кантакт. Не менш важная братэрская сувязь паміж самімі суполкамі, якая ўзнікае дзякуючы дапамозе, малітве і ўзаемапазнанню.
Ліст Суполак Маці Божай, адрасаваны кожнаму сужэнству, стварае і падтрымлівае двайную сувязь — перпендыкулярную і вертыкальную. У ім можна знайсці самыя новыя звесткі пра суполкі, самыя цікавыя сведчанні, вышэйзгаданы рэдакцыйны артыкул, тэксты малітваў на штодзённыя сустрэчы, інфармацыю і г. д.
Сувязныя пары — сектары — рэгіёны
Ліст Суполак Маці Божай хоць і з’яўляецца вельмі карысным, але ён недастатковы для таго, каб неабходныя сувязі паміж цэнтрам і суполкамі былі цесныя і плённыя. За наладжванне такіх сувязяў адказваюць розныя органы руху. Кожная суполка даверана апецы сувязной пары (яна апякуецца трыма–пяццю суполкамі). Акрамя таго, суполкі аб’яднаныя ў сектары, а сектары — у рэгіёны. Пары, адказныя за сектары, і пары, адказныя за рэгіёны, адказваюць за добрую дзейнасць давераных ім суполак.
Маючы частыя кантакты з адказнаю суполкаю усяго руху, узгаданыя вышэй пары перадаюць іншым суполкам яе прапановы і сістэматычна інфармуюць яе аб жаданнях і патрэбах гэтых жа суполак. Дзякуючы такім кантактам адносіны паміж суполкамі і цэнтрам не маюць чыста адміністрацыйнага характару, а напаўняюцца братэрскай сардэчнасцю.
Адказная суполка
Яна складаецца са святара і сужэнстваў. Гэта не толькі адміністрацыйны орган, але і рухаючая сіла ўсяго гэтага вялікага арганізма, які складаецца з усіх суполак. Яе місія заключаецца ў падтрымцы жывой духоўнасці і цвёрдай дысцыпліны. Адказная пара павінна быць блізкаю да Бога ў малітве і блізкаю да суполкі ў сардэчнай прыязнасці да яе. Сябры Суполак Маці Божай павінны падтрымліваць яе малітваю і дапамагаць сваёй увагаю і прапановамі.
Сужэнствы павінны ўспрымаць сваё ўступленне ў Суполкі Маці Божай і прыняцце Дэкларацыі не як вынік свайго шляху, а як яго пачатак. Закон хрысціянскага сужэнства — любоў. А любоў жа не ведае межаў, яна ніколі не стамляецца.
8 снежня 1947 г. у свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі